| |
Рэспубліканскі біялагічны заказнік "Званец" пераўтвораны ў ландшафтны заказнік
Рэспубліканскі біялагічны заказнік "Званец" пераўтвораны ў рэспубліканскі ландшафтны заказнік. Адпаведнае рашэнне змяшчаецца ў пастанове Савета Міністраў нумар 130.
Пераўтварэнне выклікана неабходнасцю захавання ў натуральным стане унікальнай прыроднай экасістэмы нізіннага балота Званец, дзікіх жывёл і дзікарослых раслін, якія адносяцца да відаў, уключаных у Чырвоную кнігу Беларусі, а таксама іх месц пражывання і росту.
Агульная плошча рэспубліканскага ландшафтнага заказніка "Званец" складае 16,2 тыс. га. Фінансаванне яго аховы і мерапрыемстваў, звязаных з пераўтварэннем заказніка, будзе ажыццяўляцца з фондаў аховы прыроды і іншых крыніц. Кіраваць заказнікам будуць Драгічынскі і Кобрынскі райвыканкамы.
На тэрыторыі рэспубліканскага ландшафтнага заказніка "Званец" забаронена (за выключэннем выпадкаў, калі гэта прадугледжана планам кіравання заказнікам) правядзенне работ па гідратэхнічнай меліярацыі, распрацоўка радовішчаў агульнараспаўсюджаных карысных выкапняў, узворванне мінеральных астравоў па-за існуючымі ворнымі землямі. Забаронена таксама знішчэнне або пашкоджанне драўнінна-хмызняковай расліннасці, спальванне парубачных астаткаў драўніны, што нарыхтоўваюць, пры правядзенні лесасечных работ, прымяненне хімічных сродкаў аховы раслін, рэгулятараў іх росту і мінеральных угнаенняў, размяшчэнне адходаў (за выключэннем захоўвання адходаў у санкцыянаваных месцах часовага захоўвання), а таксама размяшчэнне прамысловых прадпрыемстваў, жылой забудовы, памяшканняў для часовага пражывання.
Юрыдычныя і фізічныя асобы, вінаватыя ў парушэнні рэжыму аховы і выкарыстання рэспубліканскага ландшафтнага заказніка "Званец", нясуць адказнасць у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.
| |
© 2005-2009 Апарат Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Пры выкарыстанні інфармацыі спасылка на друкаваную крыніцу з`яўляецца абавязковай
Інфармацыйная падтрымка УП "Беларускае тэлеграфнае агенцтва"
|
|
|