| |
ЭНЕРГІЯ ВЕТРУ «ЗВЯЗДА», IГАР ШЧУЧЭНКА, 30 КРАСАВIКА 2008 Г.
Цiкавасць да нетрадыцыйных крынiц энергii — ветру, сонца, да таго ж экалагiчна чыстых крынiц, з году ў год расце ва ўсiх краiнах свету. Яно i зразумела: разам з павелiчэннем спажывання рэсурсаў расце i цана на iх. Не застаецца ў баку ад сусветных тэндэнцый i наша краiна: мы таксама iмкнёмся за кошт выкарыстання менавiта ўласных прыродных крынiц павысiць узровень сваёй энергетычнай незалежнасцi.
Новая праграма, праект якой пад старшынствам Прэм’ер-мiнiстра разглядаўся ўчора на пасяджэннi Прэзiдыума Савета Мiнiстраў, у iдэале i павiнна быць накiравана на гэта. Размова iдзе аб развiццi ветраэнергетычнай галiны Беларусi на 2008—2014 гады.
Паводле слоў старшынi Дзяржстандарта Валерыя Карашкова, новая праграма была распрацавана ў адпаведнасцi з Дырэктывай № 3 "Эканомiя i беражлiвасць — галоўныя фактары эканамiчнай бяспекi дзяржавы". Акрамя ўжо згаданага павышэння энергетычнай незалежнасцi рэспублiкi, праграма накiравана таксама на павышэнне надзейнасцi сiстэм энергазабеспячэння i на актывiзацыю работы па выпуску ветраэнергетычных установак (ВЭК). Прадугледжваецца, што ў 2010 годзе павiнны быць уведзены ў эксплуатацыю ВЭК сумарнай магутнасцю 4,1 МВт, да 2012 — 5,2 МВт, да 2015 — 15 МВт. Мiж iншым, паводле разлiкаў спецыялiстаў, арыенцiровачны кошт будаўнiцтва аднаго мегавата ўстаноўленай магутнасцi такiх аб’ектаў складае 1,5 мiльёна долараў ЗША, а тэрмiн акупнасцi не больш за 14 гадоў. Гаворачы аб перспектывах, якiя дасць рэалiзацыя праграмы, Валерый Карашкоў адзначыў, што пры дасягненнi сумарнай магутнасцi ветраэнергетычных установак 15 МВт аб’ём гадавой выпрацоўкi электраэнергii павiнен скласцi 44 мiльёны кiлават гадзiн. Гэта дазволiць, дарэчы, замянiць каля 13 тысяч тон вуглевадароднага палiва, што iмпартуецца краiнай. Да таго ж запланаваныя на 2015 год магутнасцi ў ВЭК дазволяць нашай краiне павялiчыць на 30 працэнтаў памер квот у рамках механiзма рэалiзацыi Кiётскага пратакола. А вось каб ажыццявiць задуманае, патрабуецца каля 52 мiльярдаў рублёў.
Разам з тым Прэм’ера Сяргея Сiдорскага не задаволiлi тыя "выкладкi", што прагучалi на пасяджэннi. У прыватнасцi, на думку Кiраўнiка Ўрада, запланаваныя ў праекце праграмы магутнасцi неабходна павялiчваць у разы. "Неабходна ставiць перад сабой амбiцыйныя задачы. Мiнiстэрства прамысловасцi павiнна навучыцца вырабляць такiя ўстаноўкi. А так вырашылi закупiць 10 установак у Германii на працягу 7 гадоў i рабiць выгляд, што яны нечым займаюцца ў краiне", — заўважыў прэм’ер. Нагадаў Сяргей Сiдорскi прысутным i аб тым, што ў рэспублiцы з 2001 года рэалiзоўвалiся пiлотныя праекты ў галiне ветраэнергетыкi. Так, напрыклад, нямецкiмi спецыялiстамi пабудаваны дзве энергаўстаноўкi ў раёне возера Нарач i працуюць яны эфектыўна. Прэм’ер-мiнiстр даручыў дапрацаваць дакумент.
| |
© 2005-2008 Аппарат Совета Министров Республики Беларусь
При использовании информации ссылка на источник обязательна
Информационная поддержка УП "Белорусское телеграфное агентство"
|
|
|