Будаўніцтва жылля ў Мінску аптымізуюць і пераарыентуюць на малыя гарады і гарады-спадарожнікі. Аб гэтым заявіў Прэм'ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын на справаздачы Урада Кіраўніку дзяржавы.
"Аптымізуем будаўніцтва ў Мінску з пераарыентацыяй на малыя гарады і гарады-спадарожнікі. Асноўны ўпор на арэнднае жыллё для спецыялістаў у рэгіёнах: зацверджаны ўвод не менш як 650 тыс. кв.м такога жылля, у тым ліку 400 тыс. кв.м у рамках дзяржаўнага заказу", - сказаў Аляксандр Турчын.
Што датычыцца інфраструктуры, будаўніцтва будзе ажыццяўляцца ў рамках прынятай Дзяржінвестпраграмы і рэгіянальных інвестпраграм. На гэтыя мэты прадугледжана каля 7 млрд бел. руб. У асноўным гэта аб'екты сацыяльнай накіраванасці - бальніцы, школы і дарогі.
Асобна Кіраўнік беларускага Урада спыніўся на тэме інвестыцый. "На 2026 год запланавана рэалізацыя больш як 630 камерцыйных вытворчых праектаў на суму 10 млрд. бел. руб. Трэць з іх павінны завяршыцца ўжо ў гэтым годзе. Для фінансавай падтрымкі новых праектаў па павышэнні лакалізацыі і тэхналагічнасці прадукцыі, а таксама развіцця турызму Урадам запушчаны спецыяльныя крэдытныя прадукты пад ільготную стаўку 6-7 працэнтаў гадавых. Пры гэтым нарошчванне аб'ёмаў інвестыцыйнага фінансавання ўстаноўлена для банкаў у якасці KPI", - падкрэсліў Прэм'ер-міністр.
У снежні 2025 года на пасяджэнні Усебеларускага народнага сходу Кіраўніком дзяржавы Ураду пастаўлены канкрэтныя задачы, вырашэнне якіх ляжыць у плоскасці кардынальнага павышэння якасці, тэхналагічнасці і экспартнага патэнцыялу айчыннай прадукцыі, а таксама стварэння ўмоў для камфортнага жыцця насельніцтва ў любым кутку краіны. "Урад у выкананні пастаўленых задач зыходзіць з наступнага: максімальная сабранасць, патрабавальнасць, жорсткія задачы і кантроль. Ад кіраўнікоў усіх узроўняў - безумоўнае выкананне пастаўленых задач. Усе мэты дасягальныя і падмацаваны рэсурсамі. У аснове - збалансаванасць і эканамічная эфектыўнасць", - рэзюмаваў Аляксандр Турчын.