Аляксандр Турчын: Беларусь і Азербайджан звязвае стратэгічнае партнёрства, праверанае часам

Беларусь і Азербайджан звязвае стратэгічнае партнёрства, праверанае часам. Аб гэтым заявіў Прэм'ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын у час перагавораў з Прэм'ер-міністрам Азербайджана Алі Асадавым у пашыраным складзе.

Перад пачаткам пасяджэння ў пашыраным складзе кіраўнікі ўрадаў Беларусі і Азербайджана паразмаўлялі ў фармаце сам-насам. Аляксандр Турчын падзякаваў Алі Асадаву за шчырую размову і цёплы, сардэчны прыём. "Беларусь і Азербайджан звязвае стратэгічнае партнёрства, не пабаюся гэтага слова. Наша партнёрства праверана часам, і ўзаемаадносіны двух нашых лідараў - яркае таму пацвярджэнне. Краевугольны камень нашых адносін - гэта гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, якое ахоплівае самыя шырокія сферы і вызначаецца высокай інтэнсіўнасцю", - сказаў Прэм'ер-міністр Беларусі.

За мінулы год узаемны тавараабарот дзвюх краін паказвае значны рост, адзначыў Прэм'ер. "Тым не менш, на мой погляд, нам ёсць яшчэ куды імкнуцца, таму ў нашай дэлегацыі ёсць шэраг кампаній, якія маглі б прапанаваць іншыя формы супрацоўніцтва", - звярнуў увагу кіраўнік беларускага Ўрада.

Што датычыцца аднаўлення тэрыторый, Аляксандр Турчын падкрэсліў, што Беларусь гатова прапанаваць комплекснае рашэнне: жыллёвае будаўніцтва, развіццё вытворчай сферы, таму што людзям перш за ўсё патрэбны работа і зарплата. "Гэта тыя рэчы, якія мы сёння гатовы абмеркаваць з азербайджанскім бокам", - акцэнтаваў ён.

Важна і развіццё прамысловай кааперацыі, звярнуў увагу Прэм'ер-міністр, у тым ліку ў напрамках пажарнай, спецыяльнай, камунальнай тэхнікі. На думку беларускага Прэм'ера, можна разгледзець далейшае пашырэнне наменклатуры гэтай тэхнікі.

Асобныя словы ўдзячнасці Аляксандр Турчын выказаў Алі Асадаву як пакупніку беларускай прадукцыі, таму што сёння гэта лепшая рэклама. "Калі Прэм'ер-міністр яе купляе, значыць, яна сапраўды добрая, - з усмешкай заўважыў ён. - Прадукцыя з Азербайджана таксама высокай якасці. Я скажу шчыра, памідоры з Азербайджана я з зайздроснай рэгулярнасцю таксама купляю. Таму мы можам сказаць, што прэм'ер-міністры даюць высокую ацэнку якасці вырабляемай прадукцыі ў нашых краінах".

Праграма знаходжання ўрадавай дэлегацыі насычаная, і кіраўнік беларускага Ўрада выказаў упэўненасць, што адносіны Беларусі і Азербайджана будуць толькі развівацца. "Думаю, што нашы сустрэчы павінны стаць рэгулярнымі, таму мы з задавальненнем чакаем вас у нашай краіне. У нас ёсць новыя напрамкі для руху наперад", - рэзюмаваў Аляксандр Турчын.

Па выніках перагавораў у пашыраным складзе прэм'ер-міністраў Беларусі і Азербайджана Аляксандра Турчына і Алі Асадава падпісаны шэраг дакументаў.

Падпісаны дакумент паміж Гянджынскім аўтамабільным заводам і Мінскім трактарным заводам аб развіцці супрацоўніцтва па пастаўках трактарнай тэхнікі. Таксама паміж Гянджынскім аўтазаводам і Мінскім аўтамабільным заводам заключаны кантракт на пастаўку машынакамплектаў камунальных машын.

Акрамя гэтага, бакі падпісалі план мерапрыемстваў на 2025-2027 гады па супрацоўніцтве паміж Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь і Агенцтвам харчовай бяспекі Азербайджанскай Рэспублікі.

Падпісаны таксама мемарандум аб узаемаразуменні паміж РУП "Нацыянальны цэнтр электронных паслуг" і Агенцтвам устойлівага і аператыўнага сацыяльнага забеспячэння пры Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны насельніцтва Азербайджанскай Рэспублікі.

Акрамя таго, прыняты план мерапрыемстваў на 2025-2026 гады па рэалізацыі мемарандума аб узаемаразуменні паміж міністэрствамі працы і сацыяльнай абароны Беларусі і Азербайджана аб супрацоўніцтве ў галіне працы, занятасці і сацыяльнай абароны. Праект плана знаходзіўся на разглядзе азербайджанскага боку са снежня 2024 года.

Фота: БЕЛТА