Аляксандр Турчын: Беларусь мае намер развіваць супрацоўніцтва з Лівіяй у АПК, прамысловасці і медыцыне

Беларусь мае намер развіваць супрацоўніцтва з Лівіяй у АПК, прамысловасці і медыцыне. Аб гэтым заявіў Прэм'ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын у час сустрэчы з дэлегацыяй урада Усходняй Лівіі на чале са старшынёй урада нацыянальнай стабільнасці доктарам Асамам Хамадам.

"За кароткі перыяд часу, усяго толькі за чатыры месяцы, гэта чацвёртая беларуска-лівійская сустрэча, што з'яўляецца сведчаннем узаемнага інтарэсу да развіцця ўсяго комплексу традыцыйна дружалюбных двухбаковых адносін паміж народамі Беларусі і Лівіі. У кантэксце гэтых сустрэч Прэзідэнтам нашай краіны перад намі пастаўлена задача выйсці на канкрэтныя эканамічныя праекты ў інтарэсах нашых народаў. Мы вызначыліся, што патэнцыяльна перспектыўнымі сферамі супрацоўніцтва з'яўляюцца сельская гаспадарка і харчовая бяспека, прамысловасць, ахова здароўя і фармацэўтыка, адукацыя і развіццё чалавечага капіталу, прадухіленне стыхійных бедстваў і ліквідацыя наступстваў надзвычайных сітуацый", - сказаў Аляксандр Турчын.

Ён падкрэсліў, што Беларусь валодае значным экспартным патэнцыялам: геаграфія паставак ахоплівае больш за 100 краін свету. Наша краіна займае істотныя пазіцыі ў экспарце малочнай і мясной прадукцыі. "Наменклатура першых паставак вам гэтай прадукцыі ўжо вызначана. Гэта дзіцячае харчаванне, камбікармы для жывёл і прэпараты для барацьбы з саранчой", - дадаў Прэм'ер-міністр.

"Беларусь - высокатэхналагічная дзяржава, якая вырабляе шырокую лінейку трактароў для розных мэт, пасажырскі і грузавы транспарт, сельскагаспадарчую, дарожна-будаўнічую і камунальную тэхніку. Канчатковая прадукцыя адпавядае ўсім сучасным патрабаванням, мае значны тэрмін службы. І ў рамках паставак мы, вядома ж, арганізуем суправаджэнне тэхнікі з забеспячэннем сэрвіснага абслугоўвання і навучання персаналу. Беларусь таксама вядома ўзроўнем сваёй медыцыны. У 2024 годзе медыцынская дапамога была аказана аказана больш як 160 тыс. замежных грамадзян са 159 краін свету, у тым ліку па медыцынскія паслугі звярнуліся больш за 1 тыс. грамадзян Лівіі", - адзначыў кіраўнік беларускага Ўрада.

Яшчэ адзін напрамак супрацоўніцтва - навучанне лівійскіх студэнтаў у беларускіх ВНУ, у тым ліку медыцынскіх.

"Ведаючы ваш сістэмны падыход да рэалізацыі намечаных планаў, я ўпэўнены, што з вашага боку ўзаемавыгадныя прапановы будуць падтрыманы. Буду рады пачуць вашы прапановы па нашых перспектыўных напрамках супрацоўніцтва", - рэзюмаваў Аляксандр Турчын.

Асама Хамад у сваю чаргу падзякаваў беларускаму боку за гасціннасць і намаганні па ўмацаванні двухбаковых адносін. "За апошні час мы правялі шэраг візітаў і сустрэч паміж профільнымі ведамствамі і спецыялістамі. Адным з дасягненняў стала падпісанне мемарандума. Гэты дакумент стаў своеасаблівай дарожнай картай для развіцця нашага супрацоўніцтва ў найбольш перспектыўных галінах на карысць нашых краін і для рэалізацыі пажаданняў нашых народаў. Таксама двухбаковыя дакументы былі падпісаны ў сферах сельскай гаспадаркі, медыцыны, надзвычайных сітуацый і інш. Нашы дамоўленасці служаць рэалізацыі сумесных праектаў у сферах прамысловасці, адукацыі, развіццю чалавечага капіталу і ўзаемадзеяння  ў сельскай гаспадарцы, абмену вопытам і кадрамі для процідзеяння наступствам надзвычайных сітуацый. Нашы краіны звязвае доўгая гісторыя адносін і сумесныя інтарэсы. Мы верым у агульную будучыню і бачым у Беларусі перспектыўнага партнёра", - абазначыў ён.

 

Фота: БЕЛТА