Беларусь і ААЭ падпісалі міжурадавае пагадненне аб гандлі паслугамі і ажыццяўленні інвестыцый. Подпісы пад дакументам паставілі Намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі Наталля Петкевіч і дзяржаўны міністр па пытаннях знешняга гандлю Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў Тані бен Ахмед Аль Зеюдзі.
Асноўнымі мэтамі пагаднення з'яўляюцца ўстанаўленне рамачных правіл гандлю паслугамі, садзейнічанне інвестыцыйнай дзейнасці і пашырэнне гандлю паміж Беларуссю і ААЭ. Пагадненнем на ўзаемнай аснове замацоўваюцца гарантыі захавання празрыстых і стабільных умоў гандлю паслугамі, фіксуюцца дакладныя ўмовы вядзення дзейнасці ў розных сектарах (з улікам патрабаванняў дзеючага заканадаўства). Ствараюцца дадатковыя механізмы ўзаемадзеяння паміж краінамі ў галіне інвестыцыйнага супрацоўніцтва, уводзіцца Падкамітэт па інвестыцыях.
Чакаецца, што заключэнне міжнароднага дагавора прынясе істотныя выгады і ўмацуе двухбаковыя гандлёва-эканамічныя сувязі паміж краінамі.
Такія дамоўленасці Беларусі дзейнічаюць толькі ў ЕАЭС і СНД. Падпісана пагадненне аб гандлі паслугамі і ажыццяўленні інвестыцый з Кітаем (чакаецца ўступленне ў сілу).
Беларусь стала першай дзяржавай - членам ЕАЭС, якая падпісала пагадненне па паслугах і інвестыцыях з ААЭ. Дарэчы, пагадненне аб эканамічным партнёрстве Еўразійскага эканамічнага саюза з ААЭ таксама плануецца падпісаць у Мінску.
"Такое ўражанне, што нябёсы садзейнічаюць таму, каб нашым двухбаковым адносінам і пагадненням было дадзена зялёнае святло. У Беларусі прайшоў маштабны Еўразійскі эканамічны форум, на якім была спецыяльная панэль, прысвечаная ўзаемаадносінам з ААЭ, і вы прынялі ў ёй удзел. Графік наследнага прынца таксама супаў з форумам, і цырымонія перадачы нашых пагадненняў адбудзецца на самым высокім узроўні. Сёння мы падпісваем два важнейшыя дакументы - і аб двухбаковым супрацоўніцтве, і ў рамках ЕАЭС. Ведаю вашу выключную ролю ў падрыхтоўцы пагаднення паміж ЕАЭС і ААЭ. Нашы калегі правялі вельмі вялікую работу па падрыхтоўцы двухбаковага пагаднення", - сказала Наталля Петкевіч.
Паводле яе слоў, падпісанне двухбаковага дакумента азначае, што ААЭ ўвайшлі ў пул краін, якім Беларусь прадастаўляе найбольш спрыяльны міжнародны рэжым работы. "Поспехі ААЭ ў эканамічным развіцці заслугоўваюць захаплення. Нам прыносіць глыбокую радасць і задавальненне такое інтэнсіўнае развіццё ўзаемаадносін з вашай краінай", - падкрэсліла віцэ-прэм'ер.
Тані бен Ахмед Аль Зеюдзі падзякаваў беларускаму боку за дружбу і гасціннасць. "За апошнія два месяцы гэта ўжо другі візіт у Беларусь. Гэта сведчанне таго, што кіраўніцтва нашай краіны ставіцца з асаблівым інтарэсам да вашай дзяржавы. І ў бліжэйшыя месяцы мы плануем арганізаваць яшчэ адзін візіт эканамічнай дэлегацыі ў вашу краіну. Беларусь для нас дружалюбная краіна, стратэгічны партнёр, з якім ёсць магчымасці для развіцця супрацоўніцтва ў эканамічнай, гандлёвай і інвестыцыйнай сферах. Мы бачым, што развіваецца як двухбаковы тавараабарот, так і інвестыцыйнае супрацоўніцтва. Гэтаму садзейнічаюць прамыя авіязносіны. З эмірацкага боку ёсць інвестыцыі ў беларускую інфраструктуру, мы ўдзельнічаем у эканамічных форумах Беларусі. За апошні тыдзень правялі перагаворы з беларускімі бізнесменамі па пытанні развіцця інвестыцый у прамысловым сектары", - адзначыў ён.
Дзяржаўны міністр таксама дадаў, што ЕАЭС для ААЭ з'яўляецца жывым стратэгічным рынкам, з якім краіна мае намер развіваць супрацоўніцтва. "Акрамя таго, для краін - удзельніц ЕАЭС пасля падпісання пагаднення з ААЭ адкрыюцца магчымасці па развіцці супрацоўніцтва з іншымі рынкамі рэгіёна", - звярнуў увагу ён.
Фота: БЕЛТА