Беларусь і Узбекістан рыхтуюць дарожную карту супрацоўніцтва да 2030 года

Беларусь і Узбекістан рыхтуюць дарожную карту супрацоўніцтва да 2030 года. Аб гэтым паведаміў Намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі Віктар Каранкевіч на галоўнай пленарнай сесіі міжнароднай прамысловай выстаўкі "ІНАПРАМ. Цэнтральная Азія" ў Ташкенце (Узбекістан).

"У супрацоўніцтве Беларусі і Узбекістана неабходна адзначыць дынамічнае развіццё гандлёва-эканамічных сувязей і наяўнасць штогадовай дадатнай дынамікі тавараабароту. Фундаментам гэтага росту сталі дамоўленасці на ўзроўні Кіраўнікоў дзяржаў, дасягнутыя ў ходзе афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі ва Узбекістан у лютым 2024 года, і эфектыўная рэалізацыя мерапрыемстваў дарожнай карты, якія былі прыняты на 2024-2025 гады. Арганізавана зборка з паэтапнай лакалізацыяй трактароў BELARUS, выпуск навяснога і прычапнога сельгасабсталявання, адаптаванага да кліматычных умоў рэгіёна. У лёгкай прамысловасці паспяхова функцыянуе сумеснае прадпрыемства па вытворчасці абутку, наладжаны кааперацыйны пашыў адзення, які спалучае беларускія дызайнерскія рашэнні і ўзбекскую сыравінную базу, - расказаў Намеснік Прэм'ер-міністра. - Асаблівае месца займае стварэнне сумеснага прадпрыемства па выпуску кабельна-правадніковай прадукцыі ў тэхнапарку Eltech Industrial".

Па выніках візіту Прэм'ер-міністра Беларусі ва Узбекістан завяршаецца падрыхтоўка дарожнай карты па супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Узбекістанам на пяцігадовы перыяд - 2026-2030 гады. Рэалізацыя гэтага дакумента будзе накіравана на падваенне бягучых паказчыкаў знешнегандлёвага супрацоўніцтва да 2030 года. Перспектыўным будзе аб'яднанне кампетэнцый у вытворчасці электратэхнічнай прадукцыі, вырабаў медыцынскага прызначэння, паглыбленне кааперацыі ў лёгкай прамысловасці, укараненне сумесных IT-рашэнняў, уключаючы лічбавізацыю вытворчых і тэхналагічных працэсаў і кіраванне вялікімі масівамі даных.

"Беларусь пацвярджае сваю гатоўнасць і ў далейшым умацоўваць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, пашыраць кааперацыйныя сувязі, рэалізацыю новых сумесных праектаў на прасторы Саюзнай дзяржавы, ЕАЭС, краін СНД", - падкрэсліў Віктар Каранкевіч.