Намеснік Прэм'ер-міністра Віктар Каранкевіч, Міністр прамысловасці Аляксандр Яфімаў і Міністр энергетыкі Дзяніс Мароз усклалі кветкі да стэлы салдатам і партызанам, а таксама да магілы невядомага салдата на Ваенных могілках.
Віктар Каранкевіч падзяліўся з журналістамі, што Дзень Перамогі для яго - асаблівае свята. "Гэта вельмі свяшчэннае, дарагое свята для кожнай сям'і, для кожнага грамадзяніна, таму што, напэўна, у кожнай сям'і ёсць родныя і блізкія, якія змагаліся ў Вялікай Айчыннай вайне ў радах Чырвонай Арміі, партызанаў, падполлі, у тыле. Усе яны былі абаронцамі нашай Айчыны, змагаліся за свабоду і незалежнасць нашай краіны і дзякуючы сваёй працы ўносілі ўклад у гэту Вялікую Перамогу", - падкрэсліў ён.
У калектываў Міністэрства энергетыкі, Міністэрства прамысловасці і Ўрада ёсць добрая традыцыя - ускладаць кветкі на Ваенных могілках і аддаваць даніну глыбокай павагі героям, цаной жыцця якіх беларусы атрымалі свабоду і жыццё ў цудоўнай, прыгожай, незалежнай краіне. "Вельмі важна, што гэтаму ўдзяляецца асаблівая ўвага з боку дзяржавы, з боку калектываў", - звярнуў увагу віцэ-прэм'ер.
Шмат робіцца для захавання гістарычнай памяці і прывядзення помнікаў у належны выгляд. Так, па ініцыятыве Генпракуратуры і пры падтрымцы Кіраўніка дзяржавы дадзены старт расследаванню справы аб генацыдзе беларускага народа, у выніку якой выяўляюцца новыя факты, звязаныя з Вялікай Айчыннай вайной. Гэта новыя месцы знішчэння і пахавання мірных жыхароў, новыя вёскі, якія паўтарылі лёс Хатыні. "Гэта таксама вельмі важна. Мы павінны памятаць гераічнае мінулае, гераічную гісторыю нашага народа і зрабіць усё магчымае для захавання гэтай памяці. І не дапусціць кровапралітнай вайны ў будучым", - лічыць Віктар Каранкевіч.
У сваю чаргу Аляксандр Яфімаў акцэнтаваў, што памяць аб трагічных падзеях Вялікай Айчыннай вайны павінна жыць у сэрцы кожнага беларуса. "Наш святы абавязак - гэту памяць захоўваць і перадаваць будучым пакаленням. Вядома ж, у кожнай беларускай сям'і ёсць сваякі, якія прымалі ў ёй удзел, улічваючы, што кожны трэці беларус загінуў у гэтай вайне. 80-годдзе Вялікай Перамогі - гэта чатыры пакаленні, якія памяняліся на гэтым гістарычным этапе. Ёсць такія людзі і ў маёй сям'і. Мы шануем памяць пра іх, славу, якую яны здабывалі сваім гераічным подзвігам, вызваляючы нашу Радзіму і ствараючы, па сутнасці, тыя ўмовы, у якіх мы сёння жывём. Цяпер у нашай краіне ёсць усе магчымасці для стварэння, творчасці, развіцця. І ў нашага пакалення ёсць асаблівая місія - памятаць, шанаваць і не забываць гэтыя падзеі", - заявіў ён.
Галоўнае, што ўражвае ўсіх беларусаў у падзеях Вялікай Айчыннай вайны, - тыя жудасныя пакуты, якія давялося перажыць яе ўдзельнікам, упэўнены Дзяніс Мароз. "Усё ж такі страчаны кожны трэці жыхар Беларусі - цэлая трэць насельніцтва была знішчана. Нашай краіне давялося перажыць гэты час. Але беларусы не былі зломлены. Самае галоўнае, што пры ўсіх гэтых цяжкасцях яны аказвалі супраціўленне, ваявалі на фронце, у тыле, яны знаходзіліся ў партызанскім руху. Тыя, хто не мог трымаць зброю - дзеці, жанчыны і старыя, дапамагалі партызанам. Беларусы сабраліся і аказалі супраціўленне нямецка-фашысцкім захопнікам. Гэты гераізм натхняе і прымушае нас быць лепшымі, быць падобнымі да нашых продкаў", - адзначыў міністр.