Ігар Петрышэнка: Урадом запяспечана стабільнае функцыянаванне сацыяльнай сферы

Урадом запяспечана стабільнае функцыянаванне сацыяльнай сферы, адзначыў Намеснік Прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка ў час сумеснага пасяджэння Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу сёмага склікання.

Ігар Петрышэнка падкрэсліў, што задача бягучага года - давесці ўзровень сярэдняй пенсіі па ўзросце да 40 працэнтаў ад сярэдняй заработнай платы работніка.
“Кожны чацвёрты жыхар нашай краіны з'яўляецца атрымальнікам пенсійных выплат. Расходы Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва на названыя мэты перавысілі ў 2020 годзе Br13,3 млрд. Гэта больш за 9 працэнтаў ВУП. У мінулым годзе праведзена два пераразлікі працоўных пенсій. Рост пенсій перакрывае інфляцыю. За 2020 год пенсіі павялічыліся на 9,7 працэнта, а ў рэальным выражэнні - практычна на 4 працэнты”, - сказаў Ігар Петрышэнка.

Паводле слоў віцэ-прэм'ера, кожны цяперашні работнік павінен абсалютна дакладна ўсведамляць асабістую адказнасць за свой дабрабыт у старасці - зону адказнасці дзяржавы і самога работніка. "У адпаведнасці з даручэннем кіраўніка дзяржавы трэба будзе рэалізаваць праграму развіцця добраахвотных накапляльных пенсій, якая дае магчымасць кожнаму работніку гарантавана павялічыць сваю будучую пенсію. Цяпер ідзе работа па падрыхтоўцы неабходнага заканадаўства", - падкрэсліў ён.

У мэтах недапушчэння росту ўзроўню малазабяспечанасці задзейнічаны механізмы мэтавай падтрымкі маючых патрэбу ў рамках сістэмы дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі. "У 2020 годзе яе атрымальнікамі сталі звыш 305 тыс. чалавек. У I квартале гэтага года выплаты атрымалі ўжо больш за 85 тыс. грамадзян. У бягучым годзе ў мясцовых бюджэтах на названыя мэты запланавана больш за Br120 млн", - дадаў Ігар Петрышэнка.

Акрамя таго, за апошнюю пяцігодку жыллёвыя ўмовы з дзяржаўнай падтрымкай палепшылі амаль 34 тыс. шматдзетных сем'яў, заявіў Намеснік Прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка.
"З улікам вастрыні праблемы дэмаграфічнага развіцця краевугольным каменем дзяржаўнай палітыкі, што праводзіцца, з'яўляецца ўсёабдымная сістэмная падтрымка сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей, - ад дзіцячых дапамог і сямейнага капіталу да будаўніцтва жылля і дадатковых пенсійных гарантый. Дзяржавай інвесціруюцца значныя рэсурсы па ўсіх жыццёва важных для сем'яў напрамках. Толькі ў 2020 годзе на гэтыя мэты накіравана звыш Br4,6 млрд бюджэтных сродкаў - больш за 3 працэнты ВУП. За апошнюю пяцігодку жыллёвыя ўмовы з дзяржаўнай падтрымкай палепшылі амаль 34 тыс. шматдзетных сем'яў", - сказаў Ігар Петрышэнка.

Сістэмай дзяржаўных дапамог ахоплены больш за 450 тыс. дзяцей. "У студзені - красавіку ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года сярэднямесячны памер дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў павялічыўся на 16 працэнтаў і склаў Br494,6, - адзначыў віцэ-прэм'ер. - Урадам сумесна з дэпутацкім корпусам праведзены аналіз эфектыўнасці мер падтрымкі шматдзетных сем'яў і вызначаны механізмы іх далейшага развіцця. У 2020 годзе ўдасканалена праграма сямейнага капіталу - прадоўжаны на пяць гадоў тэрмін яе дзеяння і прадастаўлена права датэрміновага выкарыстання на жыллё, медыцыну і адукацыю. У бягучым годзе на разгляд кіраўніка дзяржавы ўнесены дадатковыя прапановы аб пашырэнні магчымасцей датэрміновага распараджэння сродкамі сямейнага капіталу, у тым ліку набыццё тавараў, прызначаных для сацыяльнай рэабілітацыі інвалідаў і дзяцей-інвалідаў".

Прапрацоўваюцца прапановы аб прадастаўленні шматдзетным сем'ям права на атрыманне дадатковай фінансавай дапамогі пры паляпшэнні жыллёвых умоў, узмацненне пенсійных і працоўных гарантый шматдзетным бацькам.

Намеснік Прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка таксама заявіў, што ў ахове здароўя ў бягучай пяцігодцы адна з важных задач - удасканаленне даступнасці спецыялізаванай высокакваліфікаванай медыцынскай дапамогі ў рэгіёнах.

"Устойлівасць функцыянавання нацыянальнай сістэмы аховы здароўя грунтуецца на прынцыпах высокага ўзроўню бюджэтнага фінансавання галіны (4,4 працэнта ВУП на 2021 год), развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы і ўмацавання кадравага патэнцыялу. 2020 год і перыяд 2021 года паказалі сталасць айчыннай сістэмы аховы здароўя. Забяспечана даступнасць якаснай дапамогі грамадзянам незалежна ад месца іх пражывання. Ключавая роля ў гэтым належыць раённаму звяну аховы здароўя. Прадаўжаецца рэалізацыя праекта "Клапатлівая паліклініка" і ўкараненне выязной формы работы з прымяненнем перасовачных медыцынскіх комплексаў для аказання дапамогі жыхарам аддаленых сельскіх населеных пунктаў", - расказаў віцэ-прэм'ер.

У 2020 годзе поўнасцю завершана ўкараненне інстытута ўрача агульнай практыкі. У амбулаторных установах аховы здароўя працуе больш за 2,5 тыс. каманд, якія складаюцца з урача, памочніка ўрача і медыцынскай сястры. Узяты курс на развіццё міжраённых і міжрэгіянальных цэнтраў на базе 143 устаноў аховы здароўя. "Галоўнае тут - захаванне правіла "Залатой гадзіны". Зменшыць чэргі на высокатэхналагічнае абследаванне і лячэнне, забяспечыць кансультатыўную дапамогу пацыентам, для якіх паездка ў абласны цэнтр або сталіцу праблематычная", - дадаў Ігар Петрышэнка.

Пастаянная ўвага да развіцця высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі дала магчымасць менш як за 10 гадоў укараніць практычна ўсе новыя метады такой дапамогі як на рэспубліканскім, так і абласным узроўні. У першую чаргу гэта датычыцца кардыяхірургіі і эндапратэзавання суставаў.