"Любіце сваю сям'ю". Уладзімір Каранік аб ролі традыцыйных сямейных каштоўнасцей ва ўмацаванні глабальнай бяспекі

Умацаванне традыцыйных сямейных каштоўнасцей дае магчымасць павышаць бяспеку ў свеце. Такім меркаваннем з журналістамі падзяліўся Намеснік Прэм'ер-міністра Уладзімір Каранік перад міжнародным форумам "Сям'я - аснова дэмаграфічнага патэнцыялу дзяржавы".

"Умацаванне традыцыйных сямейных каштоўнасцей, стымуляванне нараджэння дзяцей садзейнічаюць як умацаванню дэмаграфічнай бяспекі, так і ў цэлым умацаванню бяспекі ў свеце", - сказаў Уладзімір Каранік.

Паводле яго слоў, праблемы з глабальнай бяспекай часткова звязаны з тым, што ў некаторых краінах адбылася дэвальвацыя традыцыйных сямейных каштоўнасцей. У сувязі з гэтым Намеснік Прэм'ер-міністра працытаваў словы Маці Тэрэзы, якая на пытанне, што можна зрабіць для ўмацавання міру ва ўсім свеце, адказала проста: "Ідзіце дадому і любіце сваю сям'ю".

"Менавіта адказнае стаўленне да будучых пакаленняў, да дзецяў, унукаў - гэта прыкмета сталасці як асобнага чалавека, так і грамадства і дзяржавы ў цэлым, - сказаў Уладзімір Каранік. - І я вельмі рады, што ў нашай краіне захавана традыцыя беражлівага стаўлення да сям'і, клопату аб шматдзетных сем'ях, наогул сем'ях, якія выхоўваюць дзяцей, падтрымкі мацярынства і дзяцінства".

Намеснік Прэм'ер-міністра звярнуў увагу, што асаблівае, беражлівае стаўленне да традыцыйных сямейных каштоўнасцей спакон вякоў сфарміравалі менталітэт беларускага народа, каноны праваслаўнай царквы. Паколькі толькі саюз мужчыны і жанчыны садзейнічае з'яўленню новага жыцця. А здаровая сям'я - гэта залог гарманічнага, усебаковага развіцця дзіцяці.

"Цяжка пераацаніць значэнне сям'і. Мама і тата - гэта тыя людзі, якія дапамагаюць нам рабіць першыя крокі ў жыцці, якія шчыра радуюцца нашым першым перамогам, якія дапамагаюць пераадольваць першыя цяжкасці. Але галоўнае - яны нам перадаюць традыцыі сям'і і нацыянальныя традыцыі народа. Менавіта гэта забяспечвае моцная сям'я. Сувязь пакаленняў, захаванне гістарычнай памяці з'яўляюцца тым фундаментам, абапіраючыся на які мы будуем будучыню нашай незалежнай Беларусі", - сказаў Уладзімір Каранік.

Гаворачы аб дэмаграфічнай сітуацыі, Намеснік Прэм'ер-міністра заўважыў, што, як і ва ўсіх развітых краінах, у Беларусі павялічваецца ўзрост узяцця шлюбу, узрост нараджэння першага дзіцяці. Апытанні паказваюць, што большасць беларусаў плануюць мець дваіх дзяцей, а гэта фактычна ўзровень узнаўлення насельніцтва. На такую тэндэнцыю паўплывала павышэнне ўзроўню жыцця, гендарная роўнасць, роўныя магчымасці пры ўдзеле ў эканоміцы краіны. Жаданне зрабіць кар'еру прыводзіць да таго, што многія актыўныя, разумныя, прыгожыя жанчыны адкладваюць час узяцця шлюбу і нараджэння дзяцей. Як вынік, нараджальнасць зніжаецца.

"Зразумела, гэта не можа не насцярожваць, таму мы і ў далейшым плануем пашыраць меры падтрымкі сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей. Плануем распрацоўваць меры, якія дадуць магчымасць жанчынам больш эфектыўна сумяшчаць вучобу, прафесійную дзейнасць, кар'еру з выкананнем мацярынскай функцыі", - сказаў Уладзімір Каранік.

Што датычыцца павышэння ролі бацькі, Намеснік Прэм'ер-міністра лічыць важным удзяляць гэтаму пытанню больш увагі на інфармацыйным узроўні. Заканадаўства дае права бацькам ісці ў дэкрэтны водпуск, але пакуль такой магчымасцю карыстаюцца не вельмі актыўна.

"Мы спадзяёмся, што ў некаторых сем'ях, дзе жанчына займае высокія пасады, мае высокааплатную работу і кар'ерныя перспектывы, бацька возьме на сябе асноўныя функцыі выхавання дзяцей, пойдзе ў дэкрэтны водпуск. Больш актыўна будуць дапамагаць бабулі і дзядулі. Недзе будзе дзяржава дапамагаць. Плануецца больш актыўна цяпер развіваць паслугі ясельных груп", - сказаў Уладзімір Каранік.

Паводле яго слоў, цяпер ацэньваецца ступень уплыву кожнага з гэтых падыходаў на паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі для больш актыўнай падтрымкі.

Фота: БЕЛТА