Плацежная сістэма, харчовая бяспека, прамыя авіярэйсы. Аляксандр Турчын назваў ініцыятывы, якія Беларусь прапануе рэалізаваць у рамках ШАС

Прэм'ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын на пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў дзяржаў - удзельніц Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва 18 лістапада ў Маскве на пляцоўцы Нацыянальнага цэнтра "Расія" назваў ініцыятывы, якія Беларусь прапануе рэалізаваць у рамках ШАС.

"Створаная першапачаткова як аб'яднанне для палітычнага дыялогу і забеспячэння рэгіянальнай бяспекі і стабільнасці, Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва за амаль чвэрць стагоддзя істотна прырасла новымі дзяржаўнымі членамі і партнёрамі, ператварылася ў аўтарытэтную дыялогавую пляцоўку для вырашэння шырокага комплексу пытанняў для мірнага суіснавання і працвітання нашых краін і народаў. Цяньцзіньская дэкларацыя Савета кіраўнікоў дзяржаў - членаў ШАС, гэтак жа як і прынятыя ў Кітаі нашымі лідарамі пакеты дакументаў, у поўнай меры адлюстроўваюць шматграннасць сфер прыкладання сумесных намаганняў", - сказаў Аляксандр Турчын.

Ён канстатаваў, што на фоне глабальнай эканамічнай нестабільнасці і аднабаковых прымусовых мер асновай узаемавыгаднага партнёрства ў рамках ШАС выступае эканамічны складнік. Яго важнасць у пытанні забеспячэння рэгіянальнай бяспекі пацвердзілі дыскусіі ў рамках ІІІ Міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы высокага ўзроўню, якую Мінск прымаў у канцы кастрычніка.

Паводле даных Сусветнага банка, у 2024 годзе сярэдні эканамічны рост на прасторы ШАС амаль у два разы перавысіў агульнасусветны, а ўзаемны тавараабарот павялічваецца з году ў год. "Эканамічны патэнцыял ШАС сапраўды бязмежны", - заявіў Прэм'ер-міністр Беларусі.

Ён нагадаў, што ключавыя прапановы беларускага боку па ўмацаванні эканамічнага суверэнітэту рэгіёна ШАС былі агучаны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь на саміце ў Цяньцзіні. У іх ліку - актывізацыя дыялогу па пытаннях спрашчэння працэдур гандлю ўнутры ШАС у мэтах зніжэння гандлёвых бар'ераў, росту тавараабароту і інвестыцыйнай актыўнасці, стварэнне незалежнага фінансавага механізма ШАС для нівеліравання санкцыйнага націску. "Паступовае павелічэнне долі нацыянальных валют у знешнегандлёвых і інвестыцыйных аперацыях дае магчымасць павысіць эфектыўнасць і незалежнасць эканамічнага ўзаемадзеяння. Аднак неабходна стварэнне ўласнай плацежна-разліковай інфраструктуры. У гэтым кантэксце падтрымліваем ідэю аб стварэнні Банка развіцця ШАС, які павінен паўнацэнна функцыянаваць ва ўсіх краінах арганізацыі, надаць дадатковую ўстойлівасць і прадказальнасць нашым эканамічным сувязям, задаволіўшы ўсё большы попыт на інвестыцыі і фінансаванне", - падкрэсліў кіраўнік беларускага Ўрада.

У ліку ініцыятыў Беларусі - стварэнне глабальнага еўразійскага транзітнага хаба, у тым ліку на трэку ЕАЭС - ШАС, з мэтай зніжэння транзакцыйных выдаткаў для бізнесу, пашырэння доступу краін Цэнтральнай і Паўднёвай Азіі да рынкаў Еўропы і Кітая, а таксама ўмацавання ўстойлівасці гандлёвых патокаў ва ўмовах знешняга націску. "Сваю задачу бачым у хутчэйшай практычнай рэалізацыі гэтых прапаноў", - адзначыў Аляксандр Турчын.

"Безумоўна важным лічым нарошчванне прамысловай кааперацыі і стварэнне ўстойлівых вытворчых ланцужкоў, што будзе садзейнічаць умацаванню тэхналагічнага суверэнітэту і зніжэнню залежнасці ад знешніх рынкаў. Адзін з важнейшых вектараў супрацоўніцтва ў рамках ШАС - забеспячэнне харчовай бяспекі. Наша краіна ў поўным аб'ёме забяспечвае свае патрэбнасці ў прадуктах харчавання і займае высокія пазіцыі ў сусветным рэйтынгу экспарцёраў харчовых тавараў. Гатовы дзяліцца набытым вопытам у гэтай галіне", - заявіў Прэм'ер-міністр.

Шэраг ініцыятыў Беларусі прысвечаны супрацоўніцтву ў адукацыйнай сферы. Гэта заснаванне праграмы "Маладыя дыпламаты ШАС", стварэнне рэгіянальных цэнтраў прафесійнага навучання, якія будуць рыхтаваць кадры для высокатэхналагічных галін, такіх як робататэхніка, прамысловая аўтаматызацыя, інфармацыйныя тэхналогіі. "Неабходна падумаць аб распрацоўцы ўніверсітэтамі і каледжамі краін ШАС сумесных адукацыйных праграм для падрыхтоўкі спецыялістаў у гэтых сферах і правядзення стажыровак на высокатэхналагічных прадпрыемствах і ў навукова-даследчых лабараторыях. Такія кадры стануць важным рэсурсам для развіцця і трансфармацыі прамысловасці краін ШАС", - звярнуў увагу Аляксандр Турчын.

Не менш значным ён назваў развіццё турыстычнага напрамку. "Мы заклікаем фарміраваць сумесныя праграмы для развіцця медыцынскага турызму, асабліва ў галіне санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення, дзе Беларусь мае каласальны вопыт і развітую інфраструктуру. Гэта дасць магчымасць развіваць наш агульны турыстычны патэнцыял і ўмацоўваць міжасобасныя сувязі на прасторы ШАС. У кантэксце развіцця агульнай транспартна-лагістычнай прасторы адным з практычных крокаў магло б стаць нарошчванне авіязносін паміж гарадамі дзяржаў - членаў ШАС - не толькі сталіцамі, але і рэгіянальнымі цэнтрамі. Прамыя авіярэйсы будуць стымуляваць развіццё міжрэгіянальных дзелавых адносін і турызму", - упэўнены Прэм'ер-міністр.

 

Фота: БЕЛТА