Раман Галоўчанка ўручыў прэміі Ўрада за дасягненні ў галіне якасці

Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка ўручыў сёння ўзнагароды пераможцам конкурсу на саісканне прэміі Ўрада за дасягненні ў галіне якасці ў 2020 годзе.

"Прэмія Ўрада ў галіне якасці - гэта штогадовая ўзнагарода, якая прысуджаецца лепшым арганізацыям краіны за значныя вынікі ў галіне якасці і канкурэнтаздольнасці прадукцыі і паслуг, за ўкараненне інавацыйных тэхналогій і дасягненні ў сферы менеджменту", - сказаў Раман Галоўчанка на цырымоніі ўручэння ўзнагарод.

Паводле яго слоў, захаваць лідарства сёння змогуць толькі тыя кампаніі, якія выбудоўваюць стратэгію, тактыку свайго развіцця на аснове якасці ва ўсіх сферах дзейнасці. "Сучасны свет патрабуе, каб стандарты якасці ўкараняліся абсалютна на ўсіх стадыях жыццёвага цыкла вырабаў. Радасна, што ў нашай краіне такія прадпрыемствы-лідары ў галіне якасці ёсць. Лаўрэаты бяруць на ўзбраенне сучасныя прынцыпы і ідэі, якія ўвасоблены ў мадэлі прэміі Ўрада", - адзначыў Прэм'ер-міністр.

Раман Галоўчанка звярнуў увагу, што лаўрэаты прэміі паспяхова асвойваюць новыя рынкі збыту, развіваюць экспарт і тым самым напаўняюць паняцце беларускай якасці новым сэнсам. "Безумоўным прыярытэтам у гэтым пытанні з'яўляецца экспарт і яго дыверсіфікацыя. Узорамі таго, як можна паспяхова вырашаць пастаўленыя задачы, сталі арганізацыі, якія будуць узнагароджаны. Больш за 50 працэнтаў выпускаемай прадукцыі і паслуг пастаўляюць на экспарт сённяшнія пераможцы. Стварэнне высокатэхналагічнай і канкурэнтаздольнай на сусветным рынку прадукцыі, зразумела, немагчыма без інавацыйных тэхналогій, высокапрадукцыйнага і энергазберагальнага абсталявання. Таму сярод лаўрэатаў - прадпрыемствы, якія дынамічна развіваюцца, працуючы ў сферы энергетыкі краіны", - растлумачыў ён.

Прэм'ер-міністр падкрэсліў, што важкі ўклад у развіццё нацыянальнай эканомікі ўносіць малое, сярэдняе прадпрымальніцтва і ў цэлым прыватны бізнес. "Істотным інструментам арганізацыі і ўдасканалення прадпрымальніцкай дзейнасці з'яўляецца ўключэнне гэтых арганізацый - і малых, і сярэдніх, і буйных - у працэсы дзелавога ўдасканалення і ўкаранення сучасных сістэм менеджменту", - дадаў ён.

Таксама Беларусь славіцца высокай якасцю вырабляемай харчовай прадукцыі. "Прадпрыемствы-лідары, якія ўкараняюць патрабаванні, што забяспечваюць доступ да самых складаных, канкурэнтных і прывабных рынкаў харчовай прадукцыі, дэманструюць гібкасць, прадбачаць і своечасова рэагуюць на змяненні знешняга і ўнутранага асяроддзя. Таму сёння мы адзначаем заслугі перадавых беларускіх арганізацый у галіне якасці харчовай прадукцыі", - сказаў кіраўнік Урада.

На яго думку, павышэнне якасці айчыннай прадукцыі не толькі садзейнічае павелічэнню экспарту, паступленню выручкі, але таксама дае магчымасць на ўнутраным рынку замясціць тыя тавары, якія пакуль яшчэ імпартуюцца з-за мяжы раўнацэннымі беларускімі аналагамі. "Сёння імпартазамяшчэнне не толькі тавараў, але і паслуг, распрацовак мае вялікае значэнне, таму што стварэнне ўласных магутнасцей дазваляе зменшыць, а па шэрагу пазіцый выключыць залежнасць ад паставак імпартнай прадукцыі. У сучасным свеце, на жаль, залежнасць ад тых або іншых тавараў, тэхналогій, паслуг часта становіцца ў тым ліку інструментам эканамічнага і палітычнага націску. Мэтанакіраваную работу па стварэнні такой прадукцыі праводзяць многія сённяшнія лаўрэаты", - канстатаваў Раман Галоўчанка.

Акрамя таго, ён адзначыў, што навука адыгрывае вялікую ролю ў павышэнні якасці выпускаемай прадукцыі. "Навуковая і інавацыйная накіраванасць развіцця Беларусі шмат у чым грунтуецца на айчынных распрацоўках, якія ствараюцца ў навуковых, навукова-практычных арганізацыях, у тым ліку ва ўніверсітэтах, якія з'яўляюцца адным з ключавых элементаў інавацыйнага развіцця краіны. Навукова-арыентаваная адукацыя моладзі здольна стварыць высокі патэнцыял, які садзейнічае ўстойліваму развіццю грамадства і эканомікі", - падкрэсліў Прэм'ер-міністр.

"Сёння сярод лаўрэатаў не толькі прадпрыемствы, якія паўторна адзначаны ўзнагародамі, што сведчыць аб стабільнасці і пераемнасці гэтай работы, але і шмат новых лаўрэатаў, якія сваёй упартай, мэтанакіраванай працай заслужылі па праву гэта званне", - сказаў Раман Галоўчанка.

Прэм'ер-міністр павіншаваў усіх пераможцаў конкурсу і пажадаў далейшай паспяховай работы на карысць краіны, высокіх дасягненняў у развіцці сваіх вытворчасцей, павышэнні эфектыўнасці, забеспячэнні якасці выпускаемай прадукцыі і паслуг.

У сваю чаргу старшыня Дзяржстандарту Валянцін Татарыцкі адзначыў, што конкурс праводзіцца ўжо 22 гады. "Гэта важная традыцыя для краіны. Сёння ўручаны ўзнагароды прадпрыемствам, менеджарам, якія маюць заслугі ў сферы якасці. Конкурс шматгранны, ацэньваецца экспертамі з розных галін прамысловасці", - расказаў ён.

Паводле яго слоў, свет не стаіць на месцы, рухаюцца наперад і сусветныя тэндэнцыі, падштурхоўваюць усіх да ўстанаўлення новых падыходаў, патрабаванняў да кіраўніцтва прадпрыемстваў, сістэм менеджменту, і самае галоўнае - мыслення. "Цяпер інтэнсіўна развіваюцца лічбавыя тэхналогіі. Калі ўчора яшчэ гаварылі, каб паставіць новую прадукцыю на рынак, патрэбны гады, то цяпер разумеем, для таго каб быць канкурэнтаздольным, запатрабаваным, трэба прадбачыць, які прадукт патрэбны спажыўцу, і зрабіць максімальна кароткім тэрміны яго выпуску. Вось такія падыходы закладзены ў новай праграме па рэалізацыі конкурсу прэміі Ўрада ў галіне якасці. Мы іх плануем пачаць рэалізоўваць з 2022 года, але ўжо ў бягучым годзе ёсць шэраг прадпрыемстваў, якія захацелі стаць пілотнымі праектамі, каб паглядзець, як усё будзе ўвасабляцца і які эфект ад гэтага будзе, - расказаў старшыня камітэта. - Сёння мы прымаем усе меры для таго, каб наша эканоміка была ўстойлівай. Мы павінны выпускаць канкурэнтаздольную інавацыйную прадукцыю, і самае галоўнае, запатрабаваную на рынку".

Лаўрэатамі конкурсу сталі 13 арганізацый, 22 - пацвердзілі званне лаўрэата, атрыманае раней. Яшчэ дзве арганізацыі сталі дыпламантамі. Адна арганізацыя ўдастоена спецыяльнай узнагароды "Сацыяльная адказнасць".

Сёння таксама ўручаны нагрудныя знакі "Лідар якасці", узнагароджаны пераможцы конкурсаў "Лепшы менеджар па якасці" і "Лепшая дыпломная і навукова-даследчая работа студэнтаў у галіне менеджменту і кантролю якасці".