Тавараабарот паміж Беларуссю і Грузіяй з 2020 года павялічыўся больш як на 70 працэнтаў, прапрацоўваюцца новыя сумесныя праекты. Аб гэтым заявіў Намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі Юрый Шулейка на сёмым пасяджэнні Міжурадавай Беларуска-Грузінскай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве ў Тбілісі.
"Шэсць гадоў таму ў Мінску адбылося шостае пасяджэнне камісіі, па выніках якой былі намечаны перспектыўныя напрамкі ўзаемадзеяння. Аднак пэўныя аб'ектыўныя абставіны ўнеслі свае карэктывы, па сутнасці, паставілі нашу сумесную работу на паўзу, - адзначыў Юрый Шулейка. - Разлічваю, што сённяшняе пасяджэнне паслужыць не толькі імпульсам, але і дзейсным інструментам для рэалізацыі пастаўленых задач і пашярэння міжведамасных кантактаў. Думаю, грузінскія сябры падзяляюць маю думку".
Паводле слоў віцэ-прэм'ера, адным з ключавых вектараў супрацоўніцтва з'яўляецца гандлёва-эканамічны. "Эканоміка, несумненна, асноўны элемент, які садзейнічае ўмацаванню двухбаковых адносін. Адзначу, што адсутнасць прамой міжгаліновай канкурэнцыі ў спалучэнні з высокай ступенню ўзаемадапаўняльнасці нацыянальных эканомік выступае нашай галоўнай перавагай. З 2020 года тавараабарот паміж Беларуссю і Грузіяй павялічыўся больш як на 70 працэнтаў", - падкрэсліў Юрый Шулейка.
Ён звярнуў увагу на станоўчую дынаміку ў сферы сельскай гаспадаркі. У 2025 годзе адноўлены пастаўкі з Беларусі ў Грузію буйной рагатай жывёлы мясных парод. Рэалізаваны першыя пастаўкі насеннага фонду розных сельгаскультур для правядзення палявых работ на тэрыторыі Грузіі. Прапрацоўваецца стварэнне Грузінска-Беларускага аградома, у якім грузінскія сельгасвытворцы змогуць набыць племянную жывёлу, насенне, угнаенні, абсталяванне і іншую неабходную прадукцыю. Штогод павялічваецца аб'ём паставак беларускіх прадуктаў харчавання. "Нас радуе высокая ацэнка, якую заслужылі ў насельніцтва Грузіі беларускія малочныя і мясныя прадукты. З году ў год расце колькасць магазінаў беларускіх прадуктаў. Толькі ў мінулым годзе адкрыта 8 новых гандлёвых пунктаў", - расказаў Намеснік Прэм'ер-міністра.
Сярод перспектыўных сумесных праектаў ён вылучыў ініцыятыву па стварэнні ў Батумі Грузінска-Беларускага гандлёвага дома з шырокай прадстаўленасцю беларускіх тавараў: ад будматэрыялаў да прадукцыі лёгкай прамысловасці.
Станоўчым прыкладам усебаковага характару развіцця гандлёва-эканамічных адносін стаў рост узаемнага абароту паслуг - у 2,7 раза з 2020 года. У асноўным запатрабаваны транспартныя паслугі, уключаючы перавозкі авія-, аўтамабільным і чыгуначным транспартам, ІТ-паслугі. Развіццё супрацоўніцтва ў сферы транспарту і лагістыкі садзейнічае пашырэнню эканамічнага партнёрства і інтэнсіфікацыі ўзаемнага тавараабароту.