У чым перспектыва развіцця гандлёва-эканамічных адносін Беларусі і Азербайджана? Адказаў Аляксандр Турчын

Прэм'ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын у час сустрэчы з Прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым расказаў, у чым перспектыва развіцця гандлёва-эканамічных адносін Беларусі і Азербайджана.

Аляксандр Турчын адзначыў, што ён першы раз у Баку і горад яго ўразіў - побач з ультрасучаснымі будынкамі знаходзяцца старажытныя дамы, а таксама ўсё ўвіта зеленню. "Адчуваецца ўважлівае стаўленне да развіцця горада", - звярнуў увагу ён і дадаў, што першы дзень афіцыйнага візіту беларускай дэлегацыі 5 мая ў Азербайджан выдаўся плённым.

Беларускі Прэм'ер назваў сумесныя вытворчасці ключавым напрамкам развіцця супрацоўніцтва дзвюх краін. Дарэчы, учора Аляксандр Турчын наведаў азербайджанскае прадпрыемства, на якім рэалізаваны праект па зборцы беларускіх ліфтаў. "Лакалізацыя ў іх складае 65 працэнтаў ужо толькі на пачатковай стадыі. Гэта яскравы прыклад сумеснага прадпрыемства, якое зрабілі беларускія і азербайджанскія партнёры", - падкрэсліў кіраўнік беларускага Ўрада.

Акрамя таго, Аляксандр Турчын адзначыў вялікі патэнцыял Гянджынскага аўтамабільнага завода як базы, на якой можна збіраць беларускую пажарную, камунальную тэхніку, трактары. "Менавіта ў сумесных вытворчасцях я бачу вялікую перспектыву супрацоўніцтва Беларусі і Азербайджана, а таксама ёсць шмат новых напрамкаў, па якіх мы маглі б працаваць", - рэзюмаваў ён.

Таксама Прэм'ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын у час афіцыйнага візіту ў Азербайджан усклаў вянкі да знакавых манументаў у Баку.

Аляксандр Турчын наведаў Алею ганаровага пахавання, якая размешчана ў цэнтрай частцы Баку. Тут пахаваны вядомыя грамадска-палітычныя дзеячы Азербайджана. Традыцыйна ўсе замежныя дэлегацыі, якія прыбываюць з візітам у Азербайджан, наведваюць гэту алею.

Беларускі Прэм'ер усклаў вянкі да магілы Гейдара Аліева - агульнанацыянальнага лідара і бацькі дзеючага прэзідэнта Азербайджана, і кветкі да магілы яго жонкі Зарыфы Аліевай.

Гейдар Аліеў пахаваны на алеі ў снежні 2003 года. У першую гадавіну яго смерці на магіле быў адкрыты манумент - штучны ўзгорак, каля падножжа якога знаходзіцца пастамент, выкладзены гранітам. Недалёка ад манумента размешчаны магілы сваякоў Прэзідэнта Азербайджана Ільхама Аліева, у тым ліку яго маці.

Таксама Прэм'ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын сумесна з Прэм'ер-міністрам Азербайджана Алі Асадавым 6 мая наведалі адраджаемыя тэрыторыі рэспублікі.

Каля трапа ў Фізулінскім міжнародным аэрапорце кіраўніка беларускага Ўрада сустрэў Алі Асадаў, і яны разам азнаёміліся з невялікай экспазіцыяй, на якой прэзентавалі дынаміку аднаўлення разбураных аб'ектаў. Прэм'еру прадставілі генеральныя планы трох жылых комплексаў, адміністрацыйнага цэнтра і плануемае новае аблічча горада. Аляксандру Турчыну таксама расказалі аб тым, якія работы праводзяцца для развіцця населенага пункта і аб новых інфраструктурных аб'ектах. Пасля гэтага кіраўнікі ўрадаў накіраваліся ў сам горад.

У горадзе запланавана будаўніцва сярэдне- і малапавярховых жылых будынкаў, індывідуальных дамоў, 9 агульнаадукацыйных і сярэдніх школ, 13 дашкольных навучальных устаноў, цэнтральнай раённай бальніцы на 180 ложкаў. Намечана таксама стварэнне парку Перамогі і Памяці, 6 унутрыквартальных паркаў, гарадской плошчы, а таксама экапарку плошчай 150 га.

Аляксандр Турчын сумесна з Алі Асадавым агледзеў гістарычны цэнтр Фізулі і плошчы, на якіх будуць рэалізаваны запланаваныя праекты.

Далей прэм'ер-міністры Беларусі і Азербайджана накіраваліся ў Агдамскі прамысловы парк, дзе кіраўніка беларускага Ўрада азнаёмілі з работай рэзідэнтаў. У прыватнасці, прадэманстравалі вытворчасці будаўнічага абутку, трансфарматараў і шпалераў.

Парк быў створаны ў 2021 годзе, і за гэты час ён папоўніўся 27 рэзідэнтамі, якія займаюцца вытворчасцю будаўнічых матэрыялаў, упакоўкай сельскагаспадарчай прадукцыі, кансерваваннем садавіны і агародніны, вытворчасцю мясной і малочнай прадукцыі, кармоў, угнаенняў, а таксама стварэннем сэрвісных аб'ектаў, халадзільных камер і іншага абсталявання. На аснове 32 зарэгістраваных праектаў прадугледжваецца інвесціраванне больш як $148 млн і стварэнне больш як 2,1 тыс. рабочых месцаў.

У час азнаямлення з адраджаемымі тэрыторыямі Азербайджана была перададзена ў дар Службе аднаўлення, будаўніцтва і кіравання ў Агдамскім, Фізулінскім і Хаджавендскім раёнах камунальная машына МАЗ-5907С2-012.

Алі Асадаў падзякаваў беларускаму боку за падарунак і выказаў надзею на працяг супрацоўніцтва МАЗа і Гянджынскага аўтазавода ў гэтым напрамку. "З прадукцыяй МАЗа ў Азербайджане мы знаёмы. Таксама запатрабавана прадукцыя Мінскага трактарнага завода. Гэта тэхніка ў нашай краіне заўсёды выкарыстоўвалася", - заявіў ён.

Кіраўнікі ўрадаў пабывалі ў вёсцы Гызыл Кенгерлі, якая размешчана ў Агдамскім раёне. Гэта маляўнічая і прыгожая мясціна, але аб'ектаў, якія захаваліся, у ёй практычна няма. Аляксандру Турчыну прэзентавалі план эканамічнага развіцця населенага пункта, а таксама запланаваную жылую забудову. Узводзіць у гэтым месцы маюць намер індывідуальныя жылыя дамы розных памераў. Акрамя таго, сумесна з беларусамі тут плануецца аднавіць аб'екты электраэнергетыкі, дарожна-транспартнай сеткі, жыллёва-камунальнай і іншай інфраструктуры.

Дасягнуты дамоўленасці аб сумесным стварэнні ў вёсцы Гызыл Кенгерлі комплекснага аграгарадка з узвядзеннем сельскагаспадарчых аб'ектаў, жылля і неабходнай інфраструктуры. Плануецца ўвесці ў абарот 2 тыс. га зямель сельгаспрызначэння, стварыць птушкагадоўчы комплекс, цяплічную гаспадарку па вытворчасці таматаў і агуркоў, а таксама пабудаваць 460 жылых дамоў, дзіцячы сад, школу, паліклініку, адміністрацыю і іншую інфраструктуру.

Прэм'ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын расказаў аб тым, чым яшчэ Беларусь можа дапамагчы Азербайджану ў аднаўленні адраджаемых тэрыторый у час наведвання гэтых зямель у рамках афіцыйнага візіту.

"Мне здаецца, што тут рэальна пабудаваць малочнатаварны комплекс пры наяўнасці кармоў. Таксама трэба разгледзець магчымасць узвядзення цяплічнай гаспадаркі, калі ёсць адпаведныя энергетычныя магутнасці, - лічыць Аляксандр Турчын. - Мы ў сябе будуем цяпліцы з дасветкай. У нас атрымліваецца на 7,5 га ўстаноўленая магутнасць 15 МВт, каб у зімовы перыяд часу атрымліваць прадукцыю".

Праект будучыні аграгарадка ў раёне сяла Гызыл Кенгерлі ўжо ёсць, але на гэтым спыняцца нельга, упэўнены Прэм'ер, трэба паглыблена разглядаць пытанне наяўнасці вытворчасцей у раёне. Цяпер, паводле яго слоў, трэба разлічыць усё неабходнае, каб сектар функцыянаваў эфектыўна.

Прэм'ер-міністру Беларусі прэзентавалі план эканамічнага развіцця населенага пункта, а таксама плануемую жылую забудову. Узводзіць у гэтым месцы плануюць індывідуальныя жылыя дамы розных памераў. Акрамя таго, сумесна з беларусамі тут плануецца аднавіць аб'екты электраэнергетыкі, дарожна-транспартнай сеткі, жыллёва-камунальнай і іншай інфраструктуры.

Фота: БЕЛТА