Ва Урадзе ацанілі ход правядзення вясенніх палявых работ

Прэм'ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын расказаў журналістам аб правядзенні ў Беларусі вясенніх палявых работ у час добраўпарадкавання брацкай магілы каля вёскі Пяцеўшчына Мінскага раёна ў час рэспубліканскага суботніка.

Аляксандр Турчын адзначыў, што вясеннія палявыя работы ў Беларусі толькі невялікая частка сельгасработ, таму што асноўныя аб'ёмы сяўбы збожжавых - гэта, безумоўна, азімая сяўба. "Яравая сяўба - тут, зразумела, што я не бачу ніякіх праблем і пытанняў. І застаецца вельмі значны фронт работы - гэта кукуруза. Гэта вялікая плошча ў краіне, умовы надвор'я дазваляюць гэтым займацца. Нам трэба інтэнсіўна працаваць, каб ва ўстаноўленыя агратэхнічныя тэрміны мы маглі завяршыць сяўбу гэтай культуры", - падкрэсліў ён.

Ёсць паліва, ёсць тэхніка, ёсць людзі, таму галоўнае - правільная арганізацыя работы і каб надвор'е не падводзіла, заўважыў Кіраўнік Урада.

Прэм'ер-міністр, віцэ-прэм'еры і кіраўніцтва Апарату Савета Міністраў 18 красавіка працуюць на добраўпарадкаванні брацкай магілы, у якой пахаваны 45 воінаў Чырвонай арміі і партызан, якія загінулі ў баях у чэрвені 1941 года пры абароне вёскі Пяцеўшчына і ў чэрвені 1944 года пры яе вызваленні.

Грашовыя сродкі, заробленыя ад правядзення вясенняга суботніка, будуць накіраваны на стварэнне пастаяннай экспазіцыі Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі, які будуецца, і іншыя звязаныя з гэтым работы.