За прафесіяналізм, талент і адданасць справе. Аляксандр Турчын уручыў дзяржузнагароды прадстаўнікам розных сфер

Прэм'ер-міністр Аляксандр Турчын уручыў дзяржаўныя ўзнагароды прадстаўнікам розных сфер.

"Сёння мы сабраліся тут, каб ушанаваць людзей, чые выдатныя заслугі і самаадданая праца сталі яскравым прыкладам служэння нашай Радзіме. Па даручэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі лепшым прадстаўнікам працоўных калектываў краіны будуць уручаны дзяржаўныя ўзнагароды. У гэтай зале прысутнічаюць тыя, хто сваім прафесіяналізмам, талентам, адданасцю справе і высокай адказнасцю ўнёс неацэнны ўклад у развіццё самых розных сфер нашага жыцця, кожная з якіх з'яўляецца фундаментам дабрабыту і працвітання нашай Радзімы, - адзначыў Аляксандр Турчын. - Ваша нястомная праца, майстэрства і энергія даюць магчымасць нам рухацца наперад. Вы - гонар нашай краіны".

Сярод узнагароджаных шмат работнікаў прамысловага комплексу, прадстаўнікоў энергетычнай галіны, дзеючаў культуры і мастацтва, прадстаўнікоў СМІ, дзяржаўных служачых. "Праца ўсіх вас, а ў цэлым і народа Рэспублікі Беларусь, з'яўляецца неад'емным залогам незалежнасці і развіцця нашай краіны. Праца - гэта праяўленне нашай ідэнтычнасці, нашай культуры і нашых каштоўнасцей. Кожны дзень мільёны людзей уносяць свой уклад у нашу агульную справу. Іх намаганні фарміруюць магутнасць краіны, умацоўваюць сацыяльныя сувязі і ствараюць будучыню для наступных пакаленняў", - звярнуў увагу кіраўнік Урада.

Кожная з гэтых узнагарод з'яўляецца сведчаннем высокага прызнання працы, адданасці справе і любові да краіны. "Няхай вашы дасягненні і ў далейшым служаць прыкладам для будучых пакаленняў і натхняюць усіх нас на новыя вышыні ў імя працвітання нашай любімай Беларусі", - пажадаў Прэм'ер.

Медаля Францыска Скарыны за шматгадовую плённую працу і высокі прафесіяналізм удастоены намеснік начальніка аддзела па асвятленні дзейнасці Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь РУП "Беларускае тэлеграфнае агенцтва" Яўген Ваньшын (цяпер - галоўны рэдактар рэдакцыі па асвятленні дзейнасці Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь). Падзяку Прэзідэнта за высокае прафесійнае майстэрства, значны асабісты ўклад у прымнажэнне і развіццё культурнага патэнцыялу краіны, арганізацыю і правядзенне рэспубліканскіх мерапрыемстваў з рук Прэм'ер-міністра атрымала галоўны рэдактар галоўнай рэдакцыі інфармацыі РУП "Беларускае тэлеграфнае агенцтва" Алена Круталевіч.

Акрамя таго, медалём "За працоўныя заслугі" адзначаны дырэктар ААТ "НДІстромаўталінія" Сяргей Шушкоў, стаж работы якога складае больш за 50 гадоў. Ён падкрэсліў, што ўдзячны за такую высокую ўзнагароду. "У свой час я атрымаў вышэйшую адукацыю, а пасля гэтага займаўся ў асноўным навуковай дзейнасцю, праектаваннем абсталявання, яго вырабам, мантажом. Работа дае мне творчае задавальненне. Трэба прымаць рашэнні, падыходзіць да гэтага творча. Мне гэта падабаецца", - прызнаўся ўзнагароджаны.

Такую ж узнагароду за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у вытворчасць сельскагаспадарчай тэхнікі атрымала работніца ААТ "Мінскі трактарны завод" Галіна Ракавец. Яна - частка працоўнай дынастыі, таму што муж і сын таксама працуюць на трактарным. Усё жыццё яна прысвяціла рабоце ў цэху і адзначае, што работа цікавая і прыносіць адчувальны рэзультат. "Ні да якіх узнагарод ніколі не імкнуся. Але вельмі ўдзячна за ўзнагароду, таму што гэта значыць, што я добра працую, - сказала Галіна Ракавец. - Вельмі цікава штосьці ствараць, гэта як складваць канструктар. Ёсць цікавасць атрымаць рэзультат. Вось здаецца, пра што гаварыць пасля работы, а мы з мужам, не паверыце, вельмі шмат тэхнічных пытанняў абмяркоўваем, і гэта вельмі цікава".

"Сваімі ўражаннямі ад атрымання Падзякі Прэзідэнта падзяліўся і генеральны дырэктар ТАА "Прадзюсарская кампанія Аўра" Яўген Алейнік. "У рамках "Марафону адзінства" ў нас прайшло 16 канцэртаў у лядовых палацах. Для мяне гэты прафесійны вопыт значыў тое, што яшчэ раз пераканаўся, што ў краіне цудоўныя дарогі, па якіх можна хутка даехаць, цудоўныя палацы, гатовыя прыняць мерапрыемствы любога ўзроўню, выдатны персанал, гатовы на любых пляцоўках прымаць нас, - адзначыў ён. - Падзяка Прэзідэнта - гэта сведчанне таго, што ўся мая каманда ідзе ў правільным напрамку, танцоры, харэографы, рэжысёры, якія разам з намі многія дзесяцігоддзі".

Не адыходзячы далёка ад каманды арганізатараў "Марафону адзінства", пацікавіліся меркаваннем намесніка дырэктара ТАА "Музычная медыякампанія" Таццяны Кулаковай аб узнагароджванні. Яна падкрэсліла, што атрымаць Падзяку Прэзідэнта было вельмі нечакана. "Гэта вельмі прыемна, ганарова, але гэта і абавязвае, паколькі ты разумееш, што працаваць трэба яшчэ больш і мацней, яшчэ больш адказна падыходзіць да многіх момантаў. Я як прадстаўнік "Музычнай медыякампаніі" павінна сказаць: мы будзем працаваць яшчэ лепш і больш на карысць нашай краіны", - заўважыла Таццяна Кулакова.

Рэжысёр-пастаноўшчык Агата Мацко ў сваю чаргу дадала, што адчула радасць і здзіўленне ад атрымання Падзякі. "Як гучыць у класікаў: не за медалі мы працуем, а дзеля гледачоў, дзеля іх эмоцый, дзеля тых пачуццяў, якія зараджаюцца ў іх у час прагляду канцэрта. Самае галоўнае - мы даём, як мне здаецца, вельмі правільныя, шчырыя пасылы адносна нашай краіны, нашых галоўных сімвалаў і падзей", - падзялілася яна.

Генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін таксама быў адзначаны Падзякай Прэзідэнта. "Па выніках "Марафону адзінства" - абсалютна беспрэцэдэнтнага праекта, які адбыўся ў нашай краіне, - мы бачылі вялікі грамадскі ўздым. Нават часам складана вызначыць жанр гэтага мерапрыемства. Я яго вызначаю як культурна-асветны фестываль, які падарожнічаў па гарадах нашай краіны, аб'ядноўваў розныя рэгіёны. Безумоўна, тыя эмоцыі, якія перажылі не толькі мы як арганізатары, але і тыя, хто прыходзіў на лекцыі, канцэрты, мітынгі, тыя, хто ўдзельнічаў у віктарынах, конкурсах, - усё гэта паказала еднасць нашай краіны, - лічыць ён. - Мы аб'ядналі ўсіх: ад нашых эстрадных выканаўцаў да бібліятэкараў, ад работнікаў прыватнай сферы да рабочых на заводах. Студэнты, школьнікі, спартсмены - усе былі ўключаны ў гэты працэс. І гэта вельмі важна. Упэўнены, што нам трэба не страціць гэты тэмп, дынаміку, запал і энергію, якія прынёс у нашу краіну "Марафон адзінства".

Намеснік міністра адукацыі Кацярына Пятруцкая падкрэсліла, што вельмі ўдзячна за тое, што яе шлях даўжынёй 30 гадоў атрымаў такое высокае прызнанне - Падзяку Прэзідэнта. "Гэта высокі гонар, але разам з тым абавязацельства працаваць яшчэ больш і лепш для таго, каб новыя пакаленні беларусаў былі сапраўднымі грамадзянамі і патрыётамі нашай краіны, былі моцнымі і ўпэўненымі, - адзначыла яна. - Педагог сёння - гэта вялікі чалавек, у чыіх руках будучыня краіны".

Намеснік начальніка гандлёвага комплексу ААТ "ЦУМ Мінск" Алена Белабокава, узнагароджаная медалём "За працоўныя заслугі", расказала, што на сваё месца работы прыйшла яшчэ калі ёй было 19 гадоў, і вось ужо 27 гадоў працуе на ім. "Калі я даведалася, што мяне ўзнагароджваюць, мяне перапаўнялі эмоцыі. Слёзы наварочваліся на вочы. Аналагічныя эмоцыі я зведала, калі мне паведамілі аб узнагародзе "Мінчанін года". Вельмі прыемна, і я ганаруся сваім прадпрыемствам, таму што прадпрыемства мяне навучыла працаваць на карысць дзяржавы", - падзялілася яна.

На заканчэнне цырымоніі ўзнагароджвання Прэм'ер-міністр Аляксандр Турчын яшчэ раз павіншаваў усіх узнагароджаных і звярнуў увагу, што ўсіх, хто сабраўся сёння ў зале Палаца Рэспублікі, аб'ядноўвае адно - любоў да краіны. "Упэўнены, што гэта яшчэ не апошняя ўзнагарода ў вашым жыцці. Вы шмат яшчэ зробіце на карысць нашай роднай краіны", - рэзюмаваў кіраўнік Урада.

Фота: БЕЛТА