Ігар Петрышэнка разлічвае на падпісанне пагаднення аб свабодным гандлі паслугамі ў СНД вясной 2022 года

Намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі, старшыня Эканамічнага савета СНД Ігар Петрышэнка разлічвае на падпісанне пагаднення аб свабодным гандлі паслугамі, дзейнасці і ажыццяўленні інвестыцый у СНД вясной 2022 года. Аб гэтым ён заявіў сёння на пасяджэнні Эканамічнага савета СНД.

Асаблівае значэнне ў год старшынства Беларусі ў СНД надавалася пытанням развіцця агульнай эканамічнай прасторы, пашырэння і павышэння эфектыўнасці гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння, лібералізацыі ўзаемнага гандлю. Прадоўжана работа па скарачэнні абмежаванняў і выключэнняў з рэжыму свабоднага гандлю таварамі, уніфікацыі правіл і працэдур дзяржаўных закупак, фарміраванні агульных рынкаў асобных відаў прадукцыі. "Таксама прадоўжана актыўная работа над праектам пагаднення аб свабодным гандлі паслугамі, дзейнасці і ажыццяўленні інвестыцый. На жаль, нягледзячы на прыкладзеныя намаганні, у бягучым годзе нам не ўдалося падпісаць пагадненне, але спадзяюся, вясной наступнага года дакумент будзе прыняты. Я лічу, гэтаму будзе садзейнічаць пратакольнае рашэнне па гэтым пытанні, прынятае на праведзеным 12 лістапада пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў СНД, а таксама рашэнне, якое мы плануем падпісаць сёння", - сказаў Ігар Петрышэнка.

Паводле яго слоў, не менш важнай была работа па прымяненні ўзгодненых мер у галіне тэхнічнага рэгулявання, стандартызацыі, метралогіі, ацэнкі адпаведнасці і акрэдытацыі як важнага сродку забеспячэння выпуску бяспечнай, якаснай і канкурэнтаздольнай прадукцыі ў краінах СНД. Дасягненню вынікаў шмат у чым садзейнічалі меры па спалучэнні шматузроўневых інтэграцыйных працэсаў на прасторы СНД, уключаючы гарманізацыю дакументаў Садружнасці з нарматыўна-прававой базай Еўразійскага эканамічнага саюза.

Акрамя таго, у год старшынства Беларусі на ўсіх узроўнях узаемадзеяння прымаліся меры па павышэнні эфектыўнасці функцыянавання міжгаліновых органаў СНД. Іх дзейнасць была нацэлена на актывізацыю інвестыцыйнага складніка, пашырэнне міжгаліновай і вытворчай кааперацыі, пошук новых і развіццё дзеючых агульных пунктаў эканамічнага росту. "Традыцыйна ў полі нашага зроку заставаліся пытанні далейшага ўмацавання гуманітарных сувязей. Прадоўжана пашырэнне кантактаў у галіне навукі, адукацыі, аховы здароўя, культуры, спорту, турызму. Усё гэта аказвае самы пазітыўны ўплыў на захаванне ў нашым рэгіёне зоны дружбы, добрасуседства і ўзаемаразумення", - адзначыў старшыня Эканамічнага савета СНД.

"Прыкладам паспяховага ўзаемадзеяння нашых краін у бягучым годзе можа служыць кансалідацыя намаганняў па мінімізацыі распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі і яе наступстваў. На жаль, сусветная пандэмія не змяншае абароты, што ставіць перад намі задачу як мінімум не зніжаць узровень сумеснага процістаяння гэтаму глабальнаму выкліку, а як максімум - пачаць выпрацоўку дадатковага пакета сумесных мер, засяродзіўшы ўвагу на такіх пытаннях, як сусветнае павышэнне цэн на прадукты харчавання і сыравінныя тавары, а таксама няхватка высокатэхналагічных тавараў", - звярнуў увагу Ігар Петрышэнка.

На пасяджэнні разглядаецца шэраг важных дакументаў, накіраваных на далейшае эканамічнае развіццё дзяржаў Садружнасці. Гэта праекты пагаднення аб свабодным гандлі паслугамі, плана першачарговых мерапрыемстваў па рэалізацыі стратэгіі забеспячэння інфармацыйнай бяспекі на перыяд да 2030 года, нарматываў якасці жыцця і шэраг іншых. "Што датычыцца нарматываў якасці жыцця, перакананы, што прыняцце гэтага дакумента з'яўляецца важным крокам у забеспячэнні ўстойлівага развіцця дзяржаў - удзельніц СНД. Краіны Садружнасці вельмі ўважліва падышлі да гэтага пытання. Хоць нарматывы якасці жыцця будуць мець рэкамендацыйны характар, гэта толькі надасць гібкасць такому новаму інструменту сацыяльнай палітыкі. Лічу, што гэты дакумент будзе садзейнічаць забеспячэнню ў дзяржавах Садружнасці рэалізацыі асноўных сацыяльных гарантый і правоў грамадзян", - дадаў старшыня Эканамічнага савета СНД.

Ён падкрэсліў, што беларускі бок прыклаў максімум намаганняў для рэалізацыі канцэпцыі і мерапрыемстваў плана свайго старшынства ў СНД. "Нягледзячы на вядомыя складанасці мінулага перыяду, мы рухаемся ў графіку выканання вызначаных мэт", - рэзюмаваў Ігар Петрышэнка.