Ігар Петрышэнка: У Беларусі рэалізуецца комплексны падыход да вырашэння актуальных праблем інвалідаў

У Беларусі рэалізуецца комплексны падыход да вырашэння актуальных пытанняў стварэння інклюзіўнага грамадства - для гэтага Рэспубліканскі міжведамасны савет па праблемах інвалідаў пачаў праводзіць выязныя пасяджэнні ў рэгіёнах. Аб гэтым заявіў Намеснік Прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка на першым пасяджэнні савета ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце.

"У нашай краіне 564,5 тыс. інвалідаў, у тым ліку 34,5 тыс. - дзеці да 18 гадоў. Для гэтай катэгорыі нам важна стварыць элементы сацыялізацыі, інклюзіўнага асяроддзя, каб яны маглі рэалізоўвацца і ў навучанні, і ў прафесіі, - сказаў Ігар Петрышэнка. - Далей будзем рухацца так, каб у нашых гарадах, усіх інфраструктурных аб'ектах было ўсё, каб людзі з абмежаванымі магчымасцямі не адчувалі нейкага ўшчамлення".

Ён дадаў, што саветы, аналагічныя рэспубліканскаму, створаны на ўзроўні абласцей, гарадоў, раёнаў, каб быў выбудаваны "комплексны падыход па вырашэнні актуальных праблем інвалідаў".

Выязное пасяджэнне ў Брэсцкай вобласці стала першым у такім фармаце, наступнае пасяджэнне адбудзецца ўжо ў Віцебскай вобласці, каб на мясцовасці выяўляць прабелы ў рабоце і шукаць шляхі вырашэння канкрэтных праблем у рэгіёнах. "Мы пачынаем рэалізаваць гэты комплексны падыход: як выбудоўваецца работа па ўсіх напрамках. Створана адпаведная маніторынгавая група, яна прааналізавала, як у Брэсцкай вобласці створана безбар'ернае асяроддзе, вырашаюцца іншыя пытанні людзей з інваліднасцю - аказанне медыцынскай, сацыяльнай дапамогі, сацыялізацыя ў адпаведнасці з медыцынскімі паказаннямі", - растлумачыў Ігар Петрышэнка.

На пасяджэнні таксама абмяркоўвалася, як павысіць эфектыўнасць міжведамаснага ўзаемадзеяння ў рэгіёне па стварэнні даступнага асяроддзя і ажыццяўленні пастаяннага маніторынгу за гэтай работай.

Перад гэтым удзельнікі наведалі рэсурсны цэнтр інклюзіўнай адукацыі ўніверсітэта, у тым ліку пабывалі на выставе вырабаў ручной работы, карцін людзей з інваліднасцю. Віцэ-прэм'ера прыемна ўразіла, што звычайныя студэнты, якія навучаюцца з людзьмі з інваліднасцю, нават не ведаюць, што іх аднакурснікі асаблівыя. "Гэта значыць, забяспечана камфортнае асяроддзе для сацыялізацыі такіх людзей у студэнцкае жыццё. Яны атрымліваюць якасную, добрую адукацыю, дэманструюць дастойны ўзровень ведаў, здаюць нараўне з усімі экзамены - ніякіх паблажак тут няма. Бо галоўная задача - каб яны потым маглі, як і ўсе, рэалізавацца ў прафесіі. Дарэчы, мы ўзялі для сябе яшчэ такі вектар работы, як садзейнічанне ў працаўладкаванні ў далейшым людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Па выніках мінулага года мы значна прыраслі: у нас 68,8 тыс. такіх людзей працаўладкавана", - адзначыў Ігар Петрышэнка.

У праграме таксама знаёмства з работай прадпрыемства па вырабе абутку "Блік" Беларускага таварыства глухіх. Яно створана амаль адразу пасля Вялікай Айчыннай вайны і выпускала толькі мужчынскі абутак, а з 2016 года пачало асвойваць выпуск жаночага абутку, потым і дзіцячага. Сёння УП "Блік" яшчэ і вытворчая база для прафесійнага навучання і працоўнага ўладкавання інвалідаў з парушэннем слыху. На прадпрыемстве працуе амаль 250 чалавек, 58 працэнтаў з іх інваліды (144 чалавекі). У асноўным гэта інваліды з парушэннем слыху.

Паводле слоў Ігара Петрышэнкі, вельмі важна, што сёння ў інвалідаў усё больш магчымасцей працаўладкавання не толькі на спецыялізаваныя прадпрыемствы, створаныя таварыствамі інвалідаў, але і іншыя, дзе яны інтэграваны ў вытворчы працэс нараўне з усімі і ўдзельнічаюць у сацыяльна-эканамічным развіцці краіны.

Завершыцца работа савета цырымоніяй адкрыцця міжрэгіянальнай спартландыі "Вясёлыя старты" з удзелам людзей з інваліднасцю. Спаборнічаць будуць 23 каманды з 14 тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, 6 дамоў-інтэрнатаў Брэсцкай вобласці і Беларускага таварыства інвалідаў па зроку.

Рэспубліканскі міжведамасны савет па праблемах інвалідаў пры Савеце Міністраў створаны ў 2009 годзе ў складзе кіраўнікоў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, цэнтральных грамадскіх арганізацый інвалідаў і ветэранаў. Узначальвае савет Ігар Петрышэнка.