Прэм'ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын назваў ключавыя напрамкі супрацоўніцтва з Татарстанам у час перагавораў з кіраўніком Татарстана Рустамам Мініханавым.
Прэм'ер-міністр адзначыў, што ўзаемны гандаль сведчыць аб плённым узаемадзеянні паміж бакамі. "Відаць і новыя напрамкі нашага супрацоўніцтва. Вядома, гэта машынабудаванне. У нас шмат сумесных перспектыў, відаць патэнцыял. Яшчэ адзін напрамак - нафтахімія і спадарожныя ёй галіны. Прыемна ўражаны кампаніяй "Татнафта". Малайцы, так развівацца ў такі няпросты час. Гэта сапраўды заслугоўвае павагі. Ёсць шмат напрамкаў куды нам рухацца", - дадаў ён. Таксама ў ліку важных сфер узаемадзеяння кіраўнік беларускага Ўрада адзначыў грамадзянскае авіябудаванне.
Важным складнікам супрацоўніцтва з'яўляецца і адукацыя. "Лічу, што нам трэба больш інтэнсіўна ўзаемадзейнічаць у тых напрамках, дзе ў калег ёсць значныя напрацоўкі, каб мы маглі вучыць нашых студэнтаў перадавым тэхналогіям, якія ёсць у Татарстане", - падкрэсліў Прэм'ер-міністр.
Ён таксама прыгадаў культурны складнік. "Абаротаў якраз нам збаўляць у гэтым напрамку не трэба", - адзначыў Аляксандр Турчын.
"Хачу падзякаваць Рустаму Нургаліевічу за запрашэнне. Гэта мой першы візіт у Татарстан, і ён аказаўся вельмі плённым. Сёння тыя адносіны, якія звязваюць Татарстан і Беларусь, ужо існуюць не адзін год, і лічбы паказваюць збалансаванасць узаемнага гандлю. Тавары, якія мы пастаўляем у Татарстан, і тое, што мы імпартуем, прыблізна аднолькава. Значыць, мы вельмі нядрэнна дапаўняем адзін аднаго. І, вядома, у ходзе візіту і наведвання прадпрыемстваў, акрамя традыцыйных напрамкаў (яшчэ раз падкрэслю: машынабудаванне, нафтахімія, грамадзянскае авіябудаванне), мы намецілі шэраг іншых, па якіх, падпісаўшы пратакол нашай сустрэчы, будзем працаваць. Думаю, што ў бліжэйшы час будуць рэалізаваны цікавыя новыя напрамкі. Ну і, вядома, мы не забываем пра наша гуманітарнае супрацоўніцтва ў адукацыйнай і культурнай сферах, а таксама ў сферы медыцыны", - сказаў на заканчэнне Прэм'ер-міністр.