Цяпер галоўная задача не толькі ўстараніць наступствы непагоды, але і атрымаць ад гэтага максімальны эканамічны эфект. Такой думкай з журналістамі падзяліўся Прэм'ер-міністр Раман Галоўчэнка ў час наведвання Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Галоўнай тэмай сустрэчы стала пытанне ліквідацыі наступстваў буралому.
Работы па ліквідацыі наступстваў ураганных вятроў - шматступеньчаты працэс. Перад прадстаўнікамі лясной гаспадаркі краіны стаяць сур'ёзныя задачы - за максімальна сціслыя тэрміны правесці распрацоўку ўчасткаў і не даць драўніне страціць свае тэхнічныя якасці.
"Перапрацоўшчыкі да аб'ёмаў гатовы. Але перш чым перапрацаваць, трэба навесці парадак у лесе, вывезці (драўніну. - Заўвага), перапрацаваць, атрымаць прадукцыю, прадаць і аднавіць лес. Распараджэнне кіраўніка дзяржавы менавіта ў гэтым, - адзначыў Раман Галоўчэнка. - Усё павінна быць максімальна эфектыўна выкарыстана".
Усе аб'ёмы драўніны, што напаткаў буралом, адзначыў Прэм'ер-міністр, будуць выкарыстаны ў прамысловай вытворчасці. "Ніякіх праблем з гэтым няма. Тым больш што наш цэлюлозны камбінат выйшаў практычна на праектную магутнасць. Усе 4-6 млн куб.м пойдуць на нашы прадпрыемствы, якія сёння звяртаюцца да нас з просьбай яшчэ павялічыць пастаўкі для вытворчасці фанеры", - расказаў Раман Галоўчэнка.
Паводле слоў Прэм'ер-міністра, усе работы неабходна правесці аператыўна. "Каб не дапусціць псаванне драўніны ў сувязі з тым, што ідуць дажджы, якія змяняюцца спёкай. На гэта кінуты ўсе сілы, - сказаў ён. - Стаіць задача выканаць даручэнне (кіраўніка дзяржавы. - Заўвага) не фармальна, а атрымаць ад гэтага няшчасця максімальны эканамічны эфект.